ааааааааМузей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны” ккккккккМузей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” еееееееееЛітаратурны музей Кузьмы Чорнага нннннннннЛітаратурны музей Максіма Багдановіча гггггггЛітаратурны музей Петруся Броўкі иииииииМузей-дача “Васіля Быкава” шшшшшшшшБеларуская хатка ккккккХата-музей Пятруся Броўкі ппппппппФальварак “Ракуцёўшчына”

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Васіль Зуёнак  —  адзін з самых вядомых і таленавітых сучасных беларускіх паэтаў, перакладчык, журналіст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. 3 чэрвеня 2015 года яму споўнілася 80 гадоў. Да юбілейнай даты супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры створана віртуальная выстава, якая прадстаўляе вашай увазе матэрыялы з фондаў музея, звязаныя з жыццём і дзейнасцю пісьменніка: фотаздымкі, кнігі з аўтографамі, рукапісы вершаў і інш.

Але дзень нараджэння Васіля Зуёнка адбыўся толькі па пашпарту — насамрэч пісьменнік нарадзіўся 3 ліпеня. Як піша сам Васіль Васільевіч: “Вайна знішчыла ўсе паперкі. I калі пасля заканчэння Узнацкай сямігодкі я мусіў выбірацца за абсягі родных ваколіц, прыйшлося абзаводзіцца новай дакументацыяй. Вось тут камісія пры Халопеніцкім бюро загс і вырашыла аднадушна, што нарадзіўся я не ў другой палове года, а ў першай. Аўтарытэтнае рашэнне было замацавана запісам у пасведчанні аб нараджэнні. З гэтае ласкі прыйшлося пазней выдумаць для пашпарта дату, адпаведную першай палове года, і займець на ўсё жыццё два дні нараджэння”.

Нарадзіўся Васіль Зуёнак у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага вучылішча з дыпломам выдатніка (1954)  без прыёмных экзаменаў паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. На філалагічным факультэце ў адзін час з ім вучыліся Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Кастусь Цвірка, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў і іншыя будучыя беларускія пісьменнікі – пазней іх назавуць “філалагічным пакаленнем”. Пасля заканчэння БДУ (1959) паэт працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва», у 1960-1966 гг. — у газеце «Піянер Беларусі», быў галоўным рэдактарам «Бярозкі» (1972—1978), намеснікам галоўнага рэдактара, а потым (1978—1982) галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». З 1966 года — член Саюза пісьменнікаў БССР. У 1982 годзе В. Зуёнак быў абраны сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1990 па 1998 гг. — старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў «Сяліба», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы за паэму “Маўчанне травы”. Кандыдат філалагічных навук. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

zujonak_1

 Калі б так проста

     кахалася,

Калі б так проста

     раджалася,

Калі б так проста

     жылося…

Калі б так проста

     спявалася,

Калі б так проста

     ўзляталася,

Калі б так проста… —

     Навошта…

Пра свой прыход у паэзію Васіль Зуёнак пісаў:

З табою не спраўлялі мы заручын,

Сватоў не засылаў я.

Ты сама

Прыйшла аднойчы песняю нягучнай…

І з хвілі той спакою мне няма…

“Страціў спакой” будучы пісьменнік яшчэ ў школьныя гады – ужо тады некаторыя з вершаў даслаў у газету “Літаратура і мастацтва”, адкуль прыйшоў адказ:  «…відаць, вы ўпершыню ўзяліся за пяро… Вам трэба яшчэ шмат павучыцца…».

Дэбютаваў у рэспубліканскім друку ў 1954 г. у газеце “Чырвоная змена”. Свой першы зборнік вершаў «Вясёлы калаўрот» (1965) Васіль Зуёнак адрасаваў дзецям. І пазней пісьменнік шмат напіша для маленькіх чытачоў: зборнікі паэзіі «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987), «Бадзірог», «Па ельнічку, па бярэзнічку…», кнігі нарысаў і замалёвак «Любіць прыроду — любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963). Пішучы для дзяцей, аўтар умее знайсці адпаведны тон і інтанацыю, разлічаную на самых маленькіх, спалучыць паэзію і гульню, разбудзіць у дзяцей цікавасць да навакольнага свету.

Васіль Зуёнак — аўтар зборнікаў паэзіі «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень: Выбранае» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), зборніка гумарыстычных вершаў «Качан на п’едэстале» (1973), кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Лінія высокага напружання» (1983) і лірычнай прозы “Паміж небам і зямлёй” (2009), паэм «Сяліба» (1974), «Прыцягненне» (1979), «Маўчанне травы» (1982), «Лукам’е» (1984), «Падарожжа вакол двара» (1992). Ужо з першых кніг В. Зуёнка намецілася яго здольнасць бачыць паэтычнае ў звычайным і прывычным для ўсіх, здольнасць адкрываць паэзію ў навакольным свеце, побач. У сваіх творах пісьменнік чуйна рэагуе на ўсе трывогі свету, аднак, паэтычны зрок аўтара засяроджваецца на важных момантах народнага жыцця, па-майстэрску дакладна, з веданнем сялянскай рэчаснасці стварае мастацкі вобраз беларускага народа.

Шмат паэт зрабіў і на ніве мастацкага перакладу. Дзякуючы намаганням В. Зуёнка ў перакладзе на беларускую мову з’явіліся кнігі з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Вершы Васіля Зуёнка перакладаліся на англійскую, балгарскую, польскую, славацкую і іншыя мовы.

Творчасць Васіля Зуёнка, надзвычай шматгранная і разнастайная, — прыкметная з’ява ў беларускай літаратуры. Таленавітыя творы і кнігі пісьменніка выклікаюць цікавасць, прыхільнасць чытачоў, знаходзяць заслужанае грамадскае прызнанне. А сам аўтар вось так вызначае сваё пісьменніцкае крэда: “Найпершае назначэнне мастацтва — праз прызму мінулага і існага праектаваць будучае. Тварыць — значыць намячаць перспектыву, хаця б на адзін далягляд, на адзін гарызонт. Паэзія гіне там, дзе ўсё зараней прадвызначана, усё ўжо ясна і без паэта…”.