ааааааааМузей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны” ккккккккМузей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” еееееееееЛітаратурны музей Кузьмы Чорнага нннннннннЛітаратурны музей Максіма Багдановіча гггггггЛітаратурны музей Петруся Броўкі иииииииМузей-дача “Васіля Быкава” шшшшшшшшБеларуская хатка ккккккХата-музей Пятруся Броўкі ппппппппФальварак “Ракуцёўшчына”

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Экспазіцыя філіяла «Беларуская хатка» – гэта своеасаблівы працяг экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яна прысвечана мінскаму перыяду жыцця класіка, а таксама літаратурна-грамадскаму руху пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску. Мастацкая канцэпцыя экспазіцыі належыць Эдуарду Агуновічу. Афармленне інтэр’ера стылізавана пад «мадэрн».

Філіял знаходзіцца ў доме, пабудаваным у 1904 г. на вул. Мала-Георгіеўскай. Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з М.Багдановічам. У 80-х гадах ХХ ст. уратаваны ад зносу дом быў зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна на сто метраў ад свайгоколішняга месца). У той жа час распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла. Пасля рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд і 25 чэрвеня 1991 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

Дом-флігель калісьці належыў Саве Рэдзьку, настаўніку вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі, які здаваў яго пад кватэры. На пачатку Першай сусветнай вайны беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч Усевалад Фальскі наняў будынакпад бясплатную сталоўку для бежанцаў. Пазней, калі хваля ўцекачоў спала, у правай частцы дома кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй. У адным з пакояў гэтай кватэры (з кастрычніка 1916 па люты 1917 гг.) давялося жыць Максіму Багдановічу. Таму пры стварэнні экспазіцыі ў супрацоўнікаў музея стаяла задача не толькі распавесці пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, пра беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух у Мінску на пачатку ХХ ст., але і цалкам аднавіць пакой паэта, паказаць побыт гараджан падчас Першай сусветнай вайны на прыкладзе пакояў З.Бядулі і яго сясцёр.

Мемарыяльны пакой паэта адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, Лявона Зайца, Змітрака Бядулі. Стварыць атмасферу часовага прытулку хворага Багдановіча дапамаглі рэчы-аналагі і мэбля пачатку ХХ ст. Творчая лабараторыя паэта прадстаўлена дакументамі і кнігамі, сярод якіх адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча “Вянок” і рэліквіі – асабістыя рэчы Багдановіча – ступка для здрабнення лекаў і падшклянак. Мінскаму перыяду творчасці належаць такія шэдэўры беларускай паэзіі як славуты верш “Пагоня” і паэма “Страцім-лебедзь”. Несумненным плюсам мастацкага афармлення пакоя з’яўляецца эфект прысутнасці самога паэта, які дасягаецца пры дапамозе раскладзеных на сталепрадметаў і штучна створанай ночы – часу, калі Багдановіч працаваў над сваімі творамі.

Другія два пакоі мемарыяльнай часткі, якія займалі З.Бядуля з сёстрамі, адноўлены часткова. З мэтай паказаць тагачасны гарадскі побыт тут створаны невялікія інтэр’ерныя вузлы – кухня і дзявочы куток, напоўненыя рэчамі, знойдзенымі ў гэтым раёне горада. Нешматлікая іх колькасць і не поўнасцю запоўненая плошча пакояў нагадвае пра часовае прыстанішча сям’і Бядулі і адлюстроўвае неўладкаванасць побыту пад час Першай сусветнай вайны.

Галоўным стрыжнем пры стварэнні філіяла стала ідэя, закладзеная ў яго назве – зрабіць своеасаблівую літаратурную гасцёўню, дзе можна было б працягнуць традыцыі клуба інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, што існаваў у Мінску ў 1916-20-х гг., удзельнікам якога быў таксама і М.Багдановіч. Гэтая задача была ажыццёўлена пры дапамозе мастацкай канцэпцыі, аўтарам якой з’яўляецца заслужаны работнік культуры Беларусі Эдуард Агуновіч.

Другая частка экспазіцыі аформлена ў выглядзе своеасаблівай тэатральнай залы, са сцэнай і копіяй старажытнай магілёўскай батлейкі ХІХ ст., а таксама вітрынамі-складнямі. Менавіта на гэтых складных канструкцыях размешчаны кнігі, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, дакументы і асабістыя рэчы дзеячаў таго часу. Экспанаты з’яўляюцца ілюстрацыяй да расповеду пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, дзейнасць таварыства па дапамозе пацярпелым ад Першай сусветнай вайны, клубе інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, пра літаратурна-грамадскі і тэатральны рух пачатку ХХ ст. У гэтым рэчышчы батлейка – лагічны працяг экспазіцыі і няздзейсненая мара М.Багдановіча. Батлеечныя спектаклі паказваюцца з лета 1991 г. У рэпертуары як рэлігійныя, так і свецкія інтэрмедыі на розныя бытавыя тэмы.

Акрамя традыцыйных экскурсій і батлеечных прадстаўленняў на базе філіяла праводзяцца музейныя заняткі для дзяцей. Музейны занятак “Душа “Беларускай хаткі” знаёміць з паняццямі “музей”, “мемарыяльны музей”, выхоўвае ў дзяцей уменне правільна паводзіць сябе ў музеі, беражліва ставіцца да культурных здабыткаў нашага народа. У цыкле заняткаў “Сам зраблю батлеечную ляльку” ідзе знаёмства са старажытным лялечным тэатрам, з паняццем “музейны прадмет” на прыкладзе батлеечнай скрыні і лялькі; дзеці самі робяць з даступнага матэрыяла батлеечную ляльку; спрабуюць сябе ў якасці батлейшчыка.

Сярод сумесных мерапрыемстваў з навучальнымі ўстановамі − “Літаратурная гасцёўня “Па старонках сямейнага альбома Багдановічаў”, віктарына-конкурс “Дарогамі Максіма” і інш.

Адрас: г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19